КРЫ́ЧАЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

з 17 ст. Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.А.Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.А.Панёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.

В.Л.Насевіч.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)